ГРО́ДЗЕНСКІ НО́ВЫ ЗА́МАК,
Гродзенскі каралеўскі палац, помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў стылі позняга барока ў 1734—51 у Гродне каралём Аўгустам III на месцы Гродзенскага Ніжняга замка. Асн. праект М.Д.Пёпельмана, у стварэнні ўдзельнічалі арх. І.Х.Яўх і І.Ф.Кнобель (апошні дабудоўваў капліцу-капэлу). У 1789 рэканструяваны арх. Дж.Сака. Размешчаны на правым беразе Нёмана, арыентаваны на Гродзенскі Стары замак, складае з ім адзіны арх. комплекс. Непасрэдна ў ядро ансамбля ўключаны мураваныя службовыя будынкі, якія ўтвараюць за левым крылом замка гасп. двор. Тут засядаў Гродзенскі сейм 1793, размяшчаліся каралеўская канцылярыя, шпіталь, стайні, карэтная і інш. службы. П-падобны ў плане 2-павярховы палац з мансардамі ўтвараў адкрыты парадны двор, які з боку Старога замка заканчваўся 1-павярховымі флігелямі і брамай. З боку дваровага фасада да паўкруглага эркера была прыбудавана палацавая капліца. Маляўнічае вырашэнне палаца дасягалася спалучэннем чырв. дахоўкі, зялёнага колеру сцен і белых элементаў арх. пластыкі і ляпнога дэкору. Планіроўка калідорная з авальнай у плане цэнтр. купальнай залай, ад якой адыходзілі парадныя памяшканні, вял. вестыбюль, капліца. Жылыя памяшканні размяшчаліся на 2-м паверсе і ў мансардзе, службовыя — у скляпеністых падвалах. Інтэр’еры капліцы, Сенатарскай, Пасольскай і Круглай залаў былі ўпрыгожаны жывапісам, размаляванымі плафонамі, панэлямі, стукавай залачонай лепкай у стылі ракако, скульптурай, паркетнай падлогай. У 1780-я г. інтэр’ер размаляваны сюжэтнымі сцэнамі (дэкаратар Манькоўскі). У першапачатковым выглядзе захаваліся ўязная брама, фланкіраваная манум. пілонамі са скульптурамі сфінксаў, дэкар. вайсковай арматурай (створана пад уплывам творчасці франц. арх. Ф.Бландэля). У 1944 палац значна разбураны. Пасля перабудовы (1952, арх. У.Вараксін) у ім размяшчаўся Гродзенскі абком КПБ, у наш час — частка экспазіцыі Гродзенскага гісторыка-археал. музея і абл. навук. б-ка імя Я.Ф.Карскага.
У.А.Чантурыя, А.М.Кулагін.
т. 5, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)